Каманда ФМА БДУ трапіла ў топ-16 Міжнароднага конкурсу у Жэневе

Каманда ФМА БДУ трапіла ў топ-16 Міжнароднага конкурсу у Жэневе

Каманда ФМА БДУ трапіла ў топ-16 Міжнароднага конкурсу па правах чалавека ім. Нэльсана Мандэлы.

Каманда студэнтаў факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўвайшла ў топ-16 па выніках удзелу ў 14-м Міжнародным конкурсе па правах чалавека ім. Нэльсана Мандэлы. Гэтае прэстыжнае міжнародна-прававое спаборніцтва аб’ядноўвае студэнтаў з усяго свету для абмеркавання гіпатэтычнай судовай спрэчкі ў галіне абароны правоў чалавека. Конкурс праходзіў з 18 па 21 ліпеня ў Палацы Нацый – штаб-кватэры еўрапейскага аддзялення ААН.

У склад каманды факультэта ўвайшлі выпускнік магістратуры спецыяльнасці “Юрыспрудэнцыя” 2022 года Антон Баравікоў і студэнтка 4 курса спецыяльнасці “Міжнароднае права” Яўгенія Долгая. Трэнерам каманды выступіла Ганна Зыкава – выпускніца спецыяльнасці “Міжнароднае права” 2020 года.

Каманда ФМА БДУ прайшла два адборачныя этапы перад тым, як была запрошана на вусныя спаборніцтвы ў Жэневе. Па-першае, студэнты прайшлі пісьмовы адбор, у якім удзельнічала каля 100 студэнцкіх каманд з усяго свету, і атрымалі магчымасць выступіць на вусных анлайн-раўндах. Для ўдзелу ў анлайн-раўндах было адабрана 36 каманд. Па-другое, пасля паспяховага выступу на анлайн-раўндах каманда факультэта патрапіла ў топ-16 і была запрошаная на фінальны этап спаборніцтваў у Жэневе.

Каманда факультэта выказала шчырую падзяку спонсарам, дзякуючы якім удзел у спаборніцтве стаў магчымым : Прадстаўніцтву Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама Ганароваму консулу Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі – Андрэю Нажэскіну.

No Comments

Sorry, the comment form is closed at this time.